Мэта: садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі традыцыйнага абраду Гомельскага Палесся “Юраўскі карагод”.
Задачы:
1. спрыяць пашырэнню і паглыбленню ведаў пра фальклорныя традыцыі Гомельскага Палесся;
2. садзейнічаць фарміраванню практычных уменняў і навыкаў выканання беларускіх юраўскіх песень, пашыраць эмацыйна-вобразны свет вучняў сродкамі беларускага фальклору;
3. спрыяць выхаванню выканаўчай культуры, творчай актыўнасці навучэнцаў;
4. сродкамі беларускага музычнага фальклору садзейнічаць выхаванню станоўчых маральных чалавечых якасцей, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.
Абсталяванне:
Беларускія народныя касцюмы, імітацыя сялянскай хаты (стол, абрус, каравай, ручнікі, лавы, чырвоны і зялёны фартушок), комін, штучныя кветкі.
Музычны матэрыял:
1. “Выйду я на двор – бычкі бушуюць” бел. нар. песня
2. “Карагодная” бел. нар. песня
3. “Дай, Юрай, маці ключы” бел. нар. песня
На сцэне з’яўляюцца два гурта дзяўчат. У руках трымаюць вяночкі, спяваюць песню:
1. Выйду я на двор – бычкі бушуюць.
Юр’я. Юр’я. Бычкі бушуюць.
2. Бычкі бушуюць, бо весну чуюць.
Юр’я. Юр’я. Бо весну чуюць.
3. Рэкі загулі, лёды паплылі.
Юр’я. Юр’я. Лёды паплылі.
4. Лугі зеляны, кветкі зацвілі.
Юр’я. Юр’я. Кветкі зацвілі.
5. Выйду малада, кветкі збіраці.
Юр’я. Юр’я. Кветкі збіраці.
6. Кветкі збіраці, вяночкі віці.
Юр’я. Юр’я. Вяночкі віці.
7. Веночкі віці, Юр’я спеваці.
Юр’я. Юр’я. Юр’я спеваці.
На сцэну выходзяць некалькі дзяўчат, якія трымаюць галінкі яблыні. У адной з іх – каравай, у другой – ікона, трэццяя нясе века ад дзежкі з зернем і ўпрыгожванне для каравая, у чацвёртай – ручнік. Усе астатнія падыходзяць да іх.
Ганначка: Вось і дачакаліся мы свята Юр’я! Збірайцеся, хлопцы, дзяўчаты сёння пойдзем ніву аглядаць!
1 дзяўчына: Мы ўставалі раненька, выпякалі, нараджалі абрадавы каравай. Вось які ён прыгожы, духмяны ў нас атрымаўся!
Ганначка: А дзе ж нашыя тры галінкі?
2 дзяўчына (падае галінкі): Вось, Ганначка, тры галінкі ад яблыні.
Ганначка: Так, так, галінкі трэба браць толькі ад дрэў жаночага роду. А на кожнай галінцы павінна быць па тры парасткі – каб усяго было дзевяць. Столькі месяцаў працягваецца цяжарнасць жанчыны. Так гэтым абрадам ушаноўваецца ўрадлівасць зямлі.
Ну што, дзяўчаты, давайце будзем радзіць карагода? Бо без Бога не да парога! Каб Бог жыта ўрадзіў, ды пшаніцу, ячмень як мятліцу!
2 дзяўчына: Давайце, будзем радзіць. Вось нашы каляровыя кветачкі і стужачкі.
(Дзяўчаты ўпрыгожваюць папяровымі кветкамі тры галінкі. Спяваюць песню)
1. Карагод, карагод мы цябе наражаем,
Ой, венце, венце зелёнэ бервенце (2 раза).
2. Цябе наражаем, Бога праслаўляем.
Ой, венце, венце зелёнэ бервенце (2 раза).
3. Бога праслаўляем, Юр’е велічаем,
Ой, венце, венце зелёнэ бервенце (2 раза).
4. Чэша хлопец косы, а дзяўчына косу,
Ой, венце, венце зелёнэ бервенце (2 раза).
5. Пожану мы волы на Юр’евску росу,
Ой, венце, венце зелёнэ бервенце (2 раза).
3 дзяўчына: Вось які цудоўны наш карагод атрымаўся: высокі, прыгожы!
4 дзяўчына: А зараз возьмем века ад дзежкі(крышка ад бочкі), насыплем трошкі зерня жыта, накрыем посцілкай і паставім наш карагод.А дзе ж нашыя хлопцы? Без іх нельга ісці да поля!
Падыходзяць хлопцы. Аднаму дзяўчаты даюць ікону, у другога –
граблі з зялёным фартухом.
Ганначка (звяртаецца да хлопца): Бяры, ваявода, свайго карагода! Пойдзем у поле Бога прасіць, каб даў нам добры ўраджай!Ісці на поле будзем амаль моўчкі, спяваць не дазваляецца!
Спускаюцца са сцэны, накіроўваюцца да поля. Спачатку ідуць дзве дзяўчыны, трымаюць ручнік, нібы браму. Потым ідзе хлопец з іконай, наступны хлопец нясе ўпрыгожаны карагод (каравай), яшчэ адзін хлопец нясе граблі (сімвал працы) з зялёным фартухом, потым – музыкант з гармонікам. За імі ідуць дзяўчыны. Падымаюцца на сцэну. Усе праходзяць праз сімвалічную браму, створаную з ручніка. Становяцца ў кола, пасярэдзіне стаяць хлопцы з іконай, з караваем, з граблямі і зялёным фартухом.
1 дзяўчына: Вось і падышлі мы да поля. Добры дзень, ніва, маладая! З хлебам з соллю да цябе прыйшлі!
Ганначка: Дай паклічам Святога Юр’я адмыкнуць зямліцу, выпусціць расіцу! Радзі, Божа, жыта на новае лета! Жыта і пшаніцу, і ячмень, як мятліцу! Божый дар – кавалачак чорнага хлеба (перавязанага чырвонай стужачкай) закапаем у святую землю, каб вярнуць нам ураджай. Просім усердна! Бо без Бога не да парога!
2 дзяўчына: Людзі кажуць “Калі прыйдзе Юры, не ўбачыш у жыце куры!”
3 дзяўчына: Ой, тоЮры сказаў: жыта ўрадку, а Мікола адказаў: падажджы, пагляджу!
Ідуць па ходу сонца, узяўшыся за рукі па колу, пасярэдзіне стаяць хлопцы з іконай, з караваем, з граблямі і зялёным фартухом. Усе спяваюць песню:
1. Дай, Юрай, маці ключы, да падай маці ключы.
Яго небо атварыці, дай расіцу спусціці.
2. Ведом, ведом карагод, сам Бог напярод.
А ў карагода сын ваявода, а ў карамысле добрыя мыслі.
Мяняюць фартушок на граблях з зялёнага на чырвоны
3. Дзе карагод ходзіць, там Бог жыта родзіць.
А дзе не бывае, там жыта лягае.
4. Зарадзі Бажа, жыта да на новае лета.
Да на жыта караністае, а да верху каласістае.
1 Дзяўчына: Святы Юр’я – божы угоднік, абарані нашу ніву ад усякіх напасцяў, ад граду, ад спёкі, каб не палягло, не выгарэла, каб расло, красавалася, буйным коласам налівалася!
2 Дзяўчына: Святое Благавешчанне, святая Тройца, усе святыя, памажыце!
3 Дзяўчына: Ісус Хрыстос, Багародзіца, выратуйце нас ад бяды, ад усялякай хваробы!
4 Дзяўчына: Станьце, Ангелы-ахоўнікі, сцяною ад нячыстай сілы, ліхіх людзей, чараўнікоў!
5 Дзяўчына: Святы Юр’я, дай нам на жытачка род, на статачак – плод!
6 Дзяўчына: Будзьце словы нашыя моцныя і магутныя!
1 Дзяўчына: Папрасілі мы ў бога, каб было ў нас жыта многа. А зараз патанчым па расе, каб былі здаровыя ўсе.
1. Да Юрай маці ключы, да падай маці ключы.
Яго небо отворыці, дай росіцу спусціці.
2. Дзе карагод ўецца, там жыто смяецца,
А дзе не бывае, там жыта лягае.
3. Ведом, ведом карагод, усе дзевачкі напярод,
А хлопчыкі за намі моргаючы бровамі.
4. Зарадзі Божа, жыта да на новае лета.
Да на жыта, на пшаніцу, да на ўсякую пашніцу.
5. Да Юрай маці ключы, да падай маці ключы.
Яго неба атварыці, дай расіцу спусціці.
З поля выходзяць зноў праз браму з ручніка у тым жа парадку. Спяваюць песню “Да Юрай маці ключы”.