Свята “Шчодры вечар”
Дата: 12.01.2024
Тып: пазакласнае мерапрыемства
Мэта: валоданне вучнямі ўменнямі здзейсняць рэканструкцыю (пастаноўку) беларускага народнага каляндарна-абрадавага свята “Каляды”.
Задачы:
1. садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі абраду “Каляды”, паказаць багацце калядных традыцый Усходняга Палесся.
2. садзейнісаць развіццю творчых задаткаў, эстэтычнага густу, навыкам калектыўнага выканання беларускіх народных песень, папаўненню і актывізацыі беларускага слоўнікавага запасу;
3. сродкамі беларускага музычнага фальклору садзейнічаць выхаванню любові і павагі да сваёй спадчыны, выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.
Абсталяванне: калядная зорка, маскі казы; беларускія народныя касцюмы; музычныя інструменты: баян, бубен, трашчоткі, дудкі.
Музычны матэрыял:
1. “А ці ёсць, ці няма” бел. нар. песня
2. “А ў гаспадара пасярод двара Каляда” бел. нар. песня
3. “А я Каляду, ды на кут павяду” бел. нар. песня
4. “На нова лета” бел. нар. песня
5. “Шла Каза” бел. нар. гульня
6. “Лявоніха” бел. нар. танец
7. “Кракавяк” бел. нар. танец
8. “Ночка” бел. нар. танец
Заходзяць калядоўшчыкі, спяваюць:
А ці ёсць, ці няма, сам пан-гаспадар дома.
Шчодры вечар, добры вечар, сам пан-гаспадар дома.
Ой, няма, ой, няма, ён паехаў да млына.
Шчодры вечар, добры вечар, ён паехаў да млына.
Ды мукі пытляваць, мёд у кубкі наліваць.
Шчодры вечар, добры вечар, мёд у кубкі наліваць.
Мёд у кубкі наліваць, шчадроўнікаў частаваць.
Шчодры вечар, добры вечар шчадроўнікаў частаваць.
Дзяўчына: Добры вечар, хто ў гэтым даму! Сталы засцілаем, каляды спраўляем.
Гаспадыня: Добры вечар! Ой, калядоўшчыкі ідуць! Заходзце, даражэнькія!
Дзяўчына: А людзей тут цераз край! Хоць ты лыжкаю мяшай! А ці рады вы нам?
Гаспадыня: Ой, рады, рады.
Дзяўчына: А калі вы нам рады, дык мы вам да парады!
Дзяўчына: Мы к лету ідзём, ды шчасце нясём.
А ў гаспадара пасярод двара Каляда
Стаіць вішанька зеляненькая, Каляда.
На той вішаньцы гарыць свечачка, Каляда.
З тае свечачкі ўпала іскарка, Каляда.
З тае іскаркі стала возера, Каляда.
А ў тым возеры сам бог купаўся, Каляда.
Просім, божаньку, на вячэраньку, Каляда.
На вячэраньку, на куцічаньку, Каляда.
Дзяўчына: Ой, ці шырокія сцены, каб нам патанцаваць? А ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня: Гаспадыня то добрая, але з чым вы да нас прыйшлі, каляднічкі? А вось гэта хто? (паказвае на казу)
Дзяўчына: Гэта наш вучоны конь. Грыва ўецца, як агонь. Разумея ўсё з паўслова. Дзе вы бачылі такога?
Гаспадыня: Дык ён ледзьве стаіць!?
Дзяўчына: Гэта ў яго баляць ногі, ад дальняй дарогі. А так, у яго паходка, як у моры лодка!
Гаспадыня: Дык ён жа ўжо падае! Што з ім рабіць?
Дзяўчына: Можа араці, можа шчасця нагадаці!
Гаспадыня: І рагамі забадаці? Гэта ж не конь, а каза?
Дзяўчына: Ну… няхай каза, а якая егаза!
Дзяўчына: А ну-ка, казіца, разыйдзіся, людзям пакажыся, туды, сюды павярніся. Ножкамі патукачы, рожкамі пагрукачы, патанцуй для народа, каб было ў нас жыта многа!
Каза: А хто з казой патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе.
Усе становяцца ў кола вакол казы і спяваюць.
Шла Каза, шла Каза ды па ельнічку.
Запрашала ўсіх на вяселечка.
Каза: Выбіраю я цябе. Ме-е-е.
Спяваюць некалькі раз. У канцы каза падае.
Усе: Каза ўпала! Затанцавалі мы яе!
Дзяўчына: Трэба яе ажывіць. І то сонейка да нас не завітае. Вясна не прыдзе, ураджаю добрага не будзе!
Дзяўчына: Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала. Бяжы, гаспадынька, у каморачку, нясі каўбасу на талерачцы.
Дзяўчына: А ты Каза-казіца, устань, расхадзіся, развесяліся.
Гаспадыня: Вось рэшата жыта, каб козачка была сыта. А вось рэшата аўса, а паверх – каўбаса. А яшчэ кусок сала, каб козачка ўстала.
Каза ўстае
Усе ўдзельнікі ідуць вакол казы, гучыць бубен.
А я Каляду, ды на кут павяду.
Ой, рана, рана, рана ды на кут павяду.
Што б мне Каляда, ды вяселле дала.
Ой, рана, рана, рана ды вяселле дала.
Што я Калядзе кісялю навару.
Ой, рана, рана, рана кісялю навару.
Што я Калядзе пірагоў напяку.
Ой, рана, рана, рана пірагоў напяку.
Выковаюцца беларускія народныя танцы “Лявоніха”, “Кракавяк”, Ночка”
Усе: Сеем, сеем, пасяваем, з Калядою вас вітаем, шчасця, радасці жадаем.
Гаспадыня: Дзякуй, вам, паважаныя! Заходзце яшчэ да нас, калі ласка.
Дзяўчына: Дзякуй, за цёплы прыём, цераз лета і восень ізноў прыдзём.
Гаспадыня: Заходзьце, будзем чакаць!
На нова лета, хай родзіць жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар.
Жыта, пшаніца, ўсяка пашніца.
Шчодры вечар, багаты вечар.