Свята “Каляды”

Дата: 12.01.2024

Тып: пазакласнае мерапрыемства

Мэта: валоданне вучнямі ўменнямі здзейсняць рэканструкцыю (пастаноўку) беларускага народнага каляндарна-абрадавага свята “Каляды”.

Задачы:

1. садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі абраду “Каляды”, паказаць багацце калядных традыцый Усходняга Палесся.

2. садзейнісаць развіццю творчых задаткаў, эстэтычнага густу, навыкам калектыўнага выканання беларускіх народных песень, папаўненню і актывізацыі беларускага слоўнікавага запасу;

3. сродкамі беларускага музычнага фальклору садзейнічаць выхаванню любові і павагі да сваёй спадчыны; выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.

Абсталяванне: калядная зорка, маскі казы; беларускія народныя касцюмы; музычныя інструменты: баян, бубен, трашчоткі, дудкі.

Музычны матэрыял:

1. “Добры вечар, госці” бел. нар. песня

2. “Учора звячора” бел. нар. песня

3. “Го-го-го, каза” бел. нар. песня

4. “Прыехала Каляда ў вазочку” бел. нар. песня

5. “На рэчаньку” бел. нар. танец

6. “Базар” бел. нар. танец

7. “Бабачка” бел. нар. танец

Заходзяць калядоўшчыкі, спяваюць:

1. Добры вечар, госці, просім вас мілосці.

Добры вячор, шчодры вячор!

2. Ой, ды нашы хлопцы пайшлі шчадраваці.

3. Ой, ды шчадравалі, у вокны заглядалі.

4. На новае лета, радзі божа жыта.

Гаспадыня: Калядоўшчыкі ідуць! Заходзьце, заходзьце, даражэнькія! Я вас даўно чакаю, у вокны паглядаю.

1-е дзіця: Добры вечар, шчодры вечар!

2-е дзіця: Ходзім грамадой, усіх віншуем з Калядой!

3-е дзіця: З Калядою вас вітаем, шчасця, радасці жадаем!

Гучыць песня “Учора-звячора”

Учора звячора засвяціла зора.

Зора засвяціла – свет узвесяліла.

Свет узвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся.

Хрыстова раджэнне – людзям на збаўленне.

Людзі, прыбягайце – Хрыста прывітайце.

Здаровы бывайце, нам каляду дайце.

Здаровы святкуйце, дайце не шкадуйце.

Хлопец: Шчасця, радасці таму, хто жыве ў гэтым даму.

Дзяўчына: Гаспадынька, каб у тваём статку было ўсё ў дастатку.

Дзяўчына: Каб у вашай хаце не змаўкаў смех дзіцяці.

Дзяўчына: Ой, ты гаспадынька, запалі свечку, ды ідзі ў клетку.

Набяры грэчкі, а паверх яечкі!

Хлопец: Ты, гаспадыня, не ляніся, каля бочкі павярніся,

Нясі квас вядром, а пірагі мяшком!

Дзяўчына: Шчодрык-бодрык, дай варэнік,

Гаршочак кашкі, наверх каўбаскі!

Дзяўчына: Шчадрую-шчадрую, дзесьці сала чую,

Дайце каўбасу – бацьку панясу.

Бацька будзе есці ды барадою трэсці,

Вусамі ківаць ды Бога ўспамінаць.

Хлопец: Мы да вас ішлі, ды казу знайшлі. Ну, каза, пакажыся, усім людзям пакланіся.

Калядоўшчыкі спяваюць:

Го-го-го, каза, го-го, шэрая!

Дзе каза нагой, там жыта капой.

Дзе каза хвастом, там жыта кустом.

А дзе каза рогам, там жыта стогам.

Дзе каза бывае, там шчасце вітае.

Каза танцуе, а потым падае

Хлопец: Што ж гэта стала? Мая каза ўпала, ссохла, прапала! Бачна, даўно не ела, што так аслабела… Дайце казе сала, каб яна ўстала. Ну-ка, козанька! Стань, расхадзіся, усім пакланіся!

Гаспадыня: Вось,дадзім казе сала, каб яна ўстала! А для механошы – жменю грошай. І кожнаму каляднічку па піражочку. Дзякуй вам за вашы Коляды (гаспадыня дае калядоўшчыкам пачастункі).

Каза:  Дзякуй за пачастункі. Я – Каза калядная, прыгожая ды ладная! Я і гора, і бяду вакол рога абвяду! Святкуем Калядкі – лавіце зярняткі! Каб ваша гаспадарка была ўпарадку. Каб жыта ўрадзіла ўсім на дзіва.

Дзяўчынка: Кланяюся нізка ўсім, і Мішка таксама кланяецца (ківае галавой). Ну-ка, Міша, павесялі народ, пакажы нам, як бабы хлеб месяць! (мядзведзь паказвае).

Пакажы, як маладыя хлопцы косяць (мядзведзь паказвае). Як дзед табачок нюхае? (мядзведзь паказвае, чыхае). Пакажы, Міша, як мужык да хаты ідзе (мядзведзь паказвае). Дзякуй, мішка, малайчына, павесяліў народ.

Гаспадыня: Ой, які вумны мядзведзік, трэба і яго пачаставаць (дае пачастунак).

Важак: Падзякуй Міша гаспадыні (Мядзведзь нізка кланяецца).

Бусел кланяецца гледачам. Раптам выскоквае Воўк. Усе палохаюцца.

Воўк. А я ваўчок – шэры бачок. О, якая смачная вячэра ў мяне сёння будзе?

Бусел. Пачакай трошкі, Воўча. Лепей адкажы нам, а чаго ў цябе лапы крывыя?

Воўк.

Лапы крывыя –

Жар заграбаць.

Бусел. А чаго ў цябе, Воўча,

Хвост бухматы?

Воўк.

Хвост бухматы –

Печ вымятаць.

Бусел. А чаго ў цябе, Воўча,

Зубы вострыя?

Воўк.

Зубы вострыя –

Цябе з’есці.

Бусел  (уцякае ад воўка і крычыць): Ой, ратуйце ратуйце мяне!

Дзяўчынка: Ах, ты воўк! Бусліка нашага замарыў! Хопіць жартаваць. Станавіцеся ўсе, будзем танцаваць. Ну-ка рэзні, гарманіст, залатыя пальчыкі, каб пусціліся ў скок нашы калядоўшчыкі.

Выконваюцца танцы “На рэчаньку”, “Базар”, “Бабачка”

Хлопец: Дзякуй, гаспадарочкі, што нас пачаставалі!

Дзяўчына: Каб за еты піражок урадзіла жыта стажок!

Дзяўчына: Каб заўсёды была хата прыбрана, міскі-ложкі памыты, а вашы дзеткі сыты!

1. Прыехала Каляда ў вазочку, да на сівенькім канёчку.

Каляда, Каляда, Калядзіца, ты добрая маладзіца.

2. Прыехала Каляда ў вечары, прывезла пірагоў, печыва.

Каляда, Каляда, Калядзіца, ты добрая маладзіца.

3. Ой, чакалі Каляду дзяўчаты, прывязла яна ім дудак рэшата Каляда, Каляда, Калядзіца, ты добрая маладзіца.