Мэта: садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі беларускага народнага свята “Масленіца”.

Задачы:

1. спрыяць фарміраванню ў вучняў навыкаў выканання беларускіх масленічных песень, садзейнічаць развіццю вакальных навыкоў вучняў і народнай манеры спеваў;

2. садзейнічаць назапашванню музычных уражванняў, развіццю мастацкіх і творчых здольнасцей вучняў, эмацыянальнай сферы;

3. ствараць умовы для выхавання гарманічна развітай асобы сродкамі беларускага фальклору і нацыянальных традыцый;

4.  садзейнічаць выхаванню патрыятызму і любові да Радзімы.

Абсталяванне: беларускія нацыянальныя касцюмы, баян, бубен, шумавыя інструменты (трашчоткі).

Музычны матэрыял: беларускія народныя песні“А ў нас сёння Масленка, Масленка”, “Вясна-красна наступала”, “Ой, праляталі два галубочкі”; гульня “У сняжкі”; беларускія народныя танцы “Бабачка”, “Ночка”, “Лявоніха”, “Казак”, “На рэчаньку”.

Усе разам : Усе! Усе! Усе!

Усе на свята! Масленіцу – сустракаем,

Зіму – праважаем, вясну – заклікаем!

Некалькі дзяцей: Спяшайцеся хутчэй, спяшайцеся хутчэй!

Няма нашага свята весялей!

Некалькі дзяцей: Гасцей даўно мы чакалі,

Масленіцу без вас не пачыналі!

Дзяўчынка: Шырокая Масленіца да нас прыйшла.

Прыйшла з вяселлем ды с радасцю,

З усялякай здобай,

З пірагамі ды аладкамі.

Хлопчык: Ды з блінамі гарачымі,

 З квасам ячменным,

 З мёдам цягучым.

 Шырокая Масленіца, шчодрая Масленіца.

Дзяўчынка: Мы Масленіцай хвалімся,

На горках катаемся,

Блінамі аб’ядаемся.

Спяваюць песню, водзяць карагод:

1. А ў нас сёння Масленка, Масленка,

ой, лялю, рана Масленка, Масленка.

2. А з-пад куста ластаўка, ластаўка,

ой, лялю, рана ластаўка, ластаўка.

3. Сядзіць яна высока, высока,

ой, лялю, рана высока, высока.

4. Бачыць яна далёка, далёка,

ой, лялю, рана далёка, далёка.

5. Ой, што ў вёсцы дзеецца, дзеецца,

ой, лялю рана дзеецца, дзеецца.

6. Дзевяць хлопцаў жэняцца, жэняцца

ой, лялю, рана жэняцца, жэняцца.

7. Дзевяць дзевак вянчаюць, вянчаюць,

ой, лялю, рана вянчаюць, вянчаюць.

Хлопчык: Ідзе матухна-вясна,

Адчыняйце варата!

Два хлопчыкі робяць “вароты”, усе дзеці становяцца ў ручаёк, праходзяць парамі адзін за адным. Апошняй выбягае Зіма

Зіма: Ага! Вясну гукаеце! А пра зімачку ўжо не ўспамінаеце!!!

Я нікому і ніколі

Расквітнець пакуль не дам:

Ні гарошку лугавому,

Ні гародам, ні садам.

Гэй, мароз і снег, ляціце на падмогу!

Хлопчык: Мы, зіма, цябе не гонім. Але прыйшоў час вясне гаспадарыць на зямлі! Збірайся, зіма, у доўгі шлях на поўнач!

Зіма: Вось вы якія! На поўнач мяне збіраецеся адправіць! Не выйдзе! Я вас усіх зараз замарожу!

Дзяўчынка: Добра зімачка нас пацешыла, шмат снегу на страху навешала.

Хлопчык: Хлопцы і дзяўчаты, разгуляемся, і з зімачкай развітаемся!

Гульня «У сняжкі». Дзеці закідваюць зіму сняжкамі. Зіма ўцякае.

Хлопец: Ідзі, зіма да Кракава, зноў ты прыйдзеш аднакава!

Дзяўчына: Ідзі, зіма, да крыніцы, ды забірай рукавіцы!

Дзяўчына: Усе мы чакаем толькі вясну! Абудзіся, прырода, ад зімовага сну!

Гучыць песня,дзеці водзяць карагод

Вясна-красна наступала, ой, наступала.

Снег із поля саганяла, ой, саганяла.

Ой, вясна, мая вяснянка, ой, вясна-вяснянка.

Ты прыдзі-красуня з ранку, ой, красуня з ранку.

Вясна-красна наступала, ой, наступала. Гу-у-у-у!

З’яўляецца Вясна

Дзяўчынка: Ой, вясна, ой, красна, а што ты нам прынясла?

Вясна: Дрэву – лісцікі.

Усе: Шапацець, шапацець.

Вясна: Гаю – птушачак.

Усе: Гаманіць, гаманіць.

Вясна: Лету – сонейка.

Усе: Ярка свяціць, ярка свяціць.

Вясна: Саду кветачкі.

Усе: Расквітаць, расквітаць.

Дзяўчынка: Ой, вясна, ой, красна, а што ты нам прынясла?

Вясна: Хлопчыкам – па дудачке – сталі іграць.

Дзяўчынкам – па стужачке – танцаваць!

Выконваюцца танцы “Бабачка”, “Ночка”, “Лявоніха”, “Казак”,

“На рэчаньку”.

Вясна: А ці ведаеце вы, якія птушкі вясну на крылах прыносяць?

Першым да нас ён вясной прылятае,

Радасна, весела ўсіх нас вітае.

Белая дзюба, чорны фрак,

А называецца птушка… (грак)

Хапаткія ў мяне крылы,

Хвосцік востры, нібы вілы,

З гліны я гняздо ляплю,

Мошак на ляту лаўлю (Ластаўка)

Сваіх дзетак не гадуе,

Усё жыццё аб тым шкадуе,

Адна вякуе, з тугі кукуе (Зязюля)

Хто ў чырвоных ботах

Ходзіць па балотах? (Бусел)

Вясна: Вось, паглядзіце, якіх прыгожых птушачак мы зрабілі! Давайце заспяваем песню пра птушак, каб яны хутчэй да нас прыляцелі, ды цяпло прыняслі на сваіх крыльцах!

Гучыць песня:

Ой, праляталі два галубочкі,

Вясна-красна на ўвесь свет!*

Ой, пранасілі два жалудочкі,

Ой, упусцілі, ой, засмуцілі.

Хутка дубочкі там вырасталі,

Ой, да дубочкаў выйшла дзяўчына.

Ой, упусціла расінкі-слязінкі.

Ой, вы дубочкі, ой, жалудочкі.

*Вясна-красна на ўвесь свет! Спяваюць пасля кожнага радка