Мэта: пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі святкавання старажытнага беларускага народнага свята “Дажынкі”.
Задачы:
1. садзейнічаць развіццю цікаўнасці вучняў да беларускага фальклору, практычных уменняў і навыкаў выканання беларускіх народных песень, гісторыка-бытавых танцаў;
2. спрыяць развіццю камунікатыўных, творчых здольнасцей навучэнцаў;
3. садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, павагі да багатай самабытнай фальклорнай спадчыны беларусаў;
4. спрыяць выхаванню мастацкага густу, станоўчых маральных чалавечых якасцей.
Абсталяванне: сноп жыта, сярпы, вянок з жытнёвых каласкоў, каравай, ручнікі, беларускія нацыянальныя касцюмы, баян, бубен.
Музычны матэрыял: беларускія народныя песні“А на нашай ніўцы”, “Ой, у садочку цвіла лілея”, “Рада, рада, рада перапёлка”, “А мы свайму пану ўчынілі славу”, беларускія народныя танцы “На рэчаньку”, “Бабачка”, “Ночка”, “Базар”, “Кракавяк”.
Вядучы 1: Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла.
Дзе ў першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
І хаты, у зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.
І песню родную люблю я,
Што ў полі жнеі запяюць.
Як гукі звонкія над нівай
Пераліваюцца, плывуць(Канстанцыя Буйло)
Вядучы 2: Ніва, поле, збожжа, жніво, серп, жняя, дажынкі… Што гэта за словы? Які сэнс яны маюць? (адказы дзяцей)
Вядучы 1: Дажы́нкі – старажытные народнае свята, якое прысвячалася заканчэнню жніва. Дажынкі адзначаюць у канцы лета, пачатку восені, як свята ўраджаю.
Вядучы 2: Некалі, сабраўшы ўраджай, жнеі пакідалі на полі нязжатыя каласкі. Абвязвалі іх чырвонай стужачкай. Побач з гэтымі каласкамі клалі хлеб з соллю. Гэты абрад меў назву «завіванне барады». Апошнія каласкі называлі ў розных мясцінах Беларусі па-рознаму – Дзедава Барада, Богава Барада.
Вядучы 1: Як вы лічыце, на што быў накіраваны гэты абрад? (Падзяка полю за добры ўраджай)
Вядучы 2: На Гомельшчыне быў звычай па заканчэнні жніва плесці з каласкоў вянок. Гэта сімвал ушанавання лепшых хлебаробаў. Дажынкавы вянок гаспадары захоўвалі ў хаце пад абразамі (іконамі). Людзі верылі, што зерне з яго забяспечвала будучы багаты ўраджай.
Вядучы 1: А зараз запрашаем вас паглядзець абрад “Дажынкі”.
Выходзяць дзяўчынкі. Спяваюць песню.
1. А на нашай ніўцы, сягодня дажынкі,
Дзіва, дзіва.
2. Бачыць маё вочка краёк недалёчка,
Дзіва, дзіва.
3. Да краю дажнёмся, мёду мы нап’ёмся,
Дзіва, дзіва.
Дзяўчынка: Вось і жыта пажалі, каласкі пазбіралі. І прыйшло на нашу нівачку, свята добрае – Дажыначкі!
Дзяўчынка: Сёння ў нас Дажыначкі, шчаслівыя хвіліначкі!
Дзяўчынка: Жыта дажынаем, Бога ўслаўляем!
Дзяўчынка: Маці-зямліцы падзякаваць трэба,
За тое, што ўсіх надзяліла нас хлебам,
Ёй паклонімся нізка,
Бо яна – ўраджаю калыска.
Дзяўчаты сярпамі стукаюць аб падлогу.
Дзяўчынка: Дзякуй, Вам сярпочкі, што рук нашых не рэзалі, што дапамаглі нам сабраць багаты ўраджай. Дзякуй, Вам сярпочкі, што рук нашых не рэзалі, што дапамаглі нам сабраць багаты ўраджай.
Усе: Ніўка, ніўка, аддай нашу сілку! Дай, Божа другое лета даждаці, гусцейшае, каранейшае жыта жаці (3 разы).
Водзяць карагод вакол снопіка
1. Ой, у садочку цвіла лілея,
Дажала жыта старшая жнея,
Збор жыта, збор*.
2. Па нашай ніўцы плылі лябёдкі,
Дажалі жыта красны малодкі,
3. Па нашай ніўцы беглі ягняты,
Дажалі жыта красны дзяўчаты,
4. А наш вяночак не па такому,
Кожны каласочак па залатому.
__________________________________________
*Збор жыта, збор выконваецца пасля кожнага слупка
Дзяўчынка: Вось гэты вяночак з каласкоў мы надзенем нашай самай малодшай жнейцы.
Дзяўчынка: Шапацела ніва каласамі,
Ды яны пакінулі палі.
Дзяўчынка: Іх дажалі жнейкі сёння самі.
“Барада” ж вандруе па зямлі.
Дзяўчынка: Чыю ж гэта бараду ветрыкам хістае?
Дзяўчынка: Духа Жыценя, напэўна. Ён ніву даглядае.
Дзяўчынка: Будуць Жыцені ў ёй ад зімы хавацца,
Да вясны на працу добрай моцы набірацца.
Дзяўчынка: Дзяўчаты, вось і завяршылі жніво. Мы сёння дажалі апошні жытнёвы клін, а вось з тых незжатых каласкоў мы будзем завіваць бараду.
Некалькі дзяўчат абвязваюць чырвонай стужкай каласкі.
Дзяўчынка: Завіваем “бараду” стужкай каляроваю,
Дарым хлеб-соль і ваду, кветку васільковую.
Дзяўчынка: Вось і жыта дажалі, і бараду прыбралі. Астаўляем табе поле бараду жыта і просім Бога.
Усе: Зарадзі жыта на новае лета каласістае, зернем ядраністае!
Дзяўчынка: Частуйцеся, Жыцені, уволю! І людзям усім на дзіва, каб жыта летам болей, спарней, ямчэй ўрадзіла!
Дзяўчынка: Будзе добры ўраджай і духмяны каравай! Будуць людзі добра жыць, працай мудрай даражыць!
Дзяўчынка: А зараз, дзяўчаты, пойдзем да гаспадара!
Выконваецца песня
1. Рада, рада, рада перапёлка,
Што лета даждала, рада, рада.
2. Рада, рада наша гаспадыня,
Што жыта дажала, рада, рада.
Выходзіць гаспадар. На ручніку ён трымае каравай. Дзяўчынка падыходзіць да гаспадара, аддае яму перавязаныя стужкай каласкі.
Дзяўчынка: Вось, гаспадар. Добрае жыта ўрадзіла! Гэта сноп з апошніх каласкоў!
Гаспадар: Добрае жыта! Дзякуй, Вам, мае даражэнькія жнейкі за шчырую працу. Добра працавалі, рук сваіх не шкадавалі! (аддае каравай).
Дзяўчынка: Дзякуй і табе, гаспадар, беражы снопік да вясны, да пасева.
Дзяўчаты спяваюць:
А мы свайму пану ўчынілі славу.
Жыта ўсё пажалі ў снапы павязалі.
Копы панасілі, Бога папрасілі.
Радзі, Божа, жыта на другое лета.
На другое лета, лепшае за гэта.
Гаспадыня: Ураджай сабралі багаты,
Калі ласка, пойдзем да хаты.
Дажынкі будзем святкаваць,
Пець, гуляць ды танцаваць!Выконваюцца танцы “На рэчаньку”, “Бабачка”, “Ночка”, “Базар”, “Кракавяк”