Мэта: плануецца, што ў канцы мерапрыемства ў навучэнцаў сфарміруюцца ўяўленні аб традыцыйным абрадзе беларусаў “Валачобнікі”.
Задачы:
1. паглыбіць і ўдасканаліць веды пра абрад “Валачобнікі”;
2. садзейнічаць развіццю вакальных здольнасцей, народнай манеры выканання; навыкаў выканання традыцыйных побытавых танцаў, велікодных гульняў;
3. выхоўваць у падрастаючага пакалення цікавасць да гістарычнай спадчыны, самабытных традыцый беларускага народа;
4. спрыяць фарміраванню маральна-эстэтычных поглядаў навучэнцаў, узбагачэнню слоўнікавага запасу і агульнай моўнай культуры.
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: беларускія музычныя інструменты (баян, трашчоткі, бубен); калекцыя беларускіх народных касцюмаў.
Матэрыялы і абсталяванне: велікодны куліч, кошык з пачастункамі, прылады для правядзення гульні “Качанне яечак” (чырвоныя фарбаваныя яечкі), бярозавае палена, невялікая дошка, драўляныя лыжкі.
Музычны матэрыял: беларускія народныя песні “Ды на першы дзень”, “Валачобнікі валачыліся”, “Вясна-красна наставала”; гульні: “Качанне яечак” (з пагорка), “Кручэнне яек”, “Яйка на лыжке”, “Перадай яечка”; традыцыйныя побытавыя танцы “Ночка”, “Кракавяк”, “Казак”, “Базар”, “Карапет”.
Валачобнікі (гурт дзяўчынак) заходзяць у хаты да гаспадыні, спяваюць песню
Ды на першы дзень святых Вялікадней,
Вясна-красна на ўвесь свет!*
Красны малойцы – валачобнічкі.
А ішлі ж яны ды гуляючы.
Слаўнага сяла ды пытаючы.
________________________
*Вясна-красна на ўвесь свет! спяваецца пасля кожнага радка
Дзяўчына: Гаспадыня, добра пане, ці ўслых табе наша песня – велікодная, валачобная?
Дзяўчына: Калі ўслых – адзавіся, адгукніся, у хату запрасі, валачобнікаў адары!
Дзяўчына: Валачобнікі – людзі добрыя, небывалыя, пажаданыя. Не часта ходзім, не многа просім. Толькі ў гадочак адзін разочак.
Дзяўчына: Мы не самі прыйшлі, нас бог прыслаў!
Спяваюць песню:
Валачобнікі валачыліся.
Хрыстос васкрэс – Сын Божы!*
Валачыліся, намачыліся.
Зайшлі к бабцы пасушыліся.
Ды была ў бабкі курка-рабушка.
Нанесла яечак поўны запечак.
Усім валачобнікам па яечку.
__________________________
Хрыстос васкрэс – Сын Божы!* спяваюць пасля кожнага радка
Усе разам: Хрыстос уваскрэс на ўвесь свет!
Гаспадары: Ваісціну ўваскрэс!
Валачобнікі кланяюцца гаспадарам
Гаспадыня: Валачобнікі мае дарагія, а чым жа мне вас пачаставаць?
Дзяўчына: А ты гаспадынька сама дагадайся: кусок сала палажы, ды каўбаскай абгарадзі.
Дзяўчына: Дай нам гаспадынька пшонага піражка, а да гэтага піражка – міску тваражка.
Гаспадар: Вось вам велікодныя крашанкі ды пірагі!
Усе: Дзякуй вялікі, гаспадынька!
Дзяўчына: Выйдзем мы на вулачку, ды прысядзем на прыгорачку, ды раскруцім яечкі, ды палічым – гаспадыньку ўзвялічым!
Дзяўчына: Жывіце ў раскошы – майце торбу грошай!
Гаспадыня: Дзякуй, даражэнькія.
Дзяўчына: Самы час у гульні пагуляць, але спачатку трэба моц яечак паспытаць.
Дзяўчына: А як гэта робіцца – трэба не саромецца. Спачатку трэба яечка аб зубкі пастукаць, потым да вуха прыкласці, ды паслухаць. Калі яечка загудзе, то моцным будзе. А калі не, то нехта разаб’е.
Дзяўчына: Запрашаем усіх з намі пагуляць – калі яечка саб’еш – дык яго сабе і забярэш.
Гульні: “Качанне яечак” (з пагорка), “Кручэнне яек” (выйграе той, у каго яйка круцілася даўжэй астатніх), “Яйка на лыжке” (дзеляцца на дзве каманды), “Перадай яечка”)
Дзяўчына: А цяпер – усе танцуйце, чаравікаў не шкадуйце!
Выкананне традыцыйных побытавых танцаў “Ночка”, “Кракавяк”, “Казак”,
“Базар”, “Карапет”
Дзяўчына: Ну што, даражэнькія валачобнікі, гаспадарам пажадалі, падарункі атрымалі, пара нам і чэсць знаць!
Дзяўчына: Дай жа божа, усім нам жыці-быці, весяліцеся, на бога маліцеся!
Дзяўчына: Дзякуй, гаспадынька, што нас са спагадай сустракала, ды ад усёй душы частавала!
Валачобнікі спяваюць песню:
Вясна-красна наставала, снег із поля саганяла.
Ой, саганяла, ой саганяла.
Вясна-красна вясёлая, кругом трава зялёная.
Ой, зялёная, ой, зялёная.
Весяліла землю, воду, і мяне, мяне малоду,
Ой, мяне малоду, ой, мяне малоду.