Мэта: пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі святкавання старажытнага беларускага народнага свята “Багач”.
Задачы:
1.садзейнічацьфарміраванню вакальных навыкаў дзяцей, народнай манеры спеваў сродкамі беларускага песеннага фальклору і вусна-паэтычнай творчасці;
2. спрыяцьузбагачэнню слоўнікавага запасу і агульнай моўнай культуры,развіццю творчых здольнасцей вучняў.
3.спрыяцьвыхаванню маральна-эстэтычных поглядаў навучэнцаў, павагі да беларускай мовы, нацыянальнай культуры;
4. садзейнічаць фарміраванню гендарнай культуры навучэнцаў на аснове лепшых традыцый народнай педагогікі.
Абсталяванне: стол, абрус, лубка жыта з устаўленай у яе воскавай свечкай, беларускія нацыянальныя касцюмы, баян, бубен.
Музычны матэрыял: беларускія народныя песні“Ці не пчолка”, “Наш гаспадар маладзенькі”; гульні: “Грушка”, “Не абрані бульбу”, “Мост”, “Каці бульбу”, “Перанясі агародніну”; беларускія народныя танцы “Мікіта”, ”Базар”, “Кракавяк”
Сцэна аформлена ў выглядзе сялянскай хаты.
Вядучы: Добры дзень. Мы вітаем усіх, хто да нас сёння прыйшоў. А ці ведаеце вы, якое свята мы будзем сёння святкаваць? (адказы дзяцей і дарослых). Сёння мы запрасілі вас паглядзець, як некалі адзначалася старадаўняе беларускае народнае свята “Багач”. Зараз паслухайце, што я ведаю пра гэтасвята. Яго заўсёды адзначалі ў канцы сельскагаспадарчых работ, восенню, калі з агародаў і з поля быў сабраны ўвесь ураджай. Людзі адчувалі сябе багатымі, бо ў іх было шмат зерня, садавіны, агародніны. Таму і назвалі гэта свята “Багач”.
Свята “Багач” адзначаецца 21 верасня. Галоўную ролю ў абрадзе адыгрывае лубка жыта з устаўленай у яе воскавай свечкай – сімвал добрага ўраджаю. А зараз давайце завітаем у адну сялянскую хату.
Гаспадыня (да гаспадара): Мікіта, ты не забыўся, што сёння свята і ў нашай хаце будзе захоўвацца Багач да новага збору ўраджаю?
Гаспадар: Не, не забыўся.
Гаспадыня: Тады ідзі пераапраніся, бо хутка да нас шаноўныя госці прыйдуць і Багача прынясуць.
Першым ідзе хлопчык, які нясе пляцёную лубку з жытам і свечкай пасярэдзіне.
Гаспадыня ставіць на стол святочную ежу. Гучыць песня:
1. Ці не пчолка зазвінела звонка.
З вулля вылятая, з вулля вылятая.
2. То ж не пчолка, а наша гаспадынька.
Па двару хадзіла, ключыкі насіла.
3. Каморы адмыкала, кубкі налівала,
Кубкі налівала, гасцей угашчала.
Усе: Добры дзень, гаспадары!
Гаспадыня і Гаспадар: Добры дзень.
1-ы госць: Сёння “Багач” – гэта свята добрага ўраджаю.
2-і госць: Мы вам прынеслі Багач – лубок жыта.
3-і госць: Мы абмалацілі жыта з апошняга снапа, насыпалі ў місачку, паставілі свечку.Жыта да яго збіралі з усёй вёскі і асвяцілі ў царкве.
4-ы госць: Як кажуць – “Прыйшоў Багач – кідай рагач”.
2-і госць: Бяры сявеньку і сей памаленьку.
3-і госць: Да Багача – баба рабача. Па Багачы хоць за плот валачы.
4-ы госць: Мы вас віншуем з гэтай чэсцю і жадаем – няхай вам заўсёды шанцуе, няхай вам жыццё шчасце даруе!
5-ы госць: Багач у хаце! Міру і згоды на доўгія годы!
1-ы госць: Шчасця, здароўя, дастатку жадаем!
2-і госць: Шчасця і долі, і каб хлеба было ўволю!
Гаспадар: Вялікі дзякуй за пажаданні!
Гаспадыня: Дзякуй, што прызналі нас добрымі гаспадарамі. Багача прымаем, на пачэсны кут адпраўляем (прымае Багача).
Гаспадар: Свята Багач – гэта свята заканчэння асноўных палявых работ. Сабралі і абмалацілі зерне: жыта, пшаніцу, ячмень, проса.
Гаспадыня: Пачалі капаць бульбу, збіраць на агародзе моркву, рэдзьку, буракі. А зараз давайце будзем Багача праслаўляць, пець, танцаваць ды ў гульні гуляць!
1. Наш гаспадар маладзенькі,
У яго конік вараненькі.
Ой, люлі, люлі, люлі,
Ой, люлі, ой, люлі*.
2. Ён ўсё поле аб’язджае
Дай на жнейкі паглядае.
3. – Ой вы, жнейкі маладыя,
Вашы сярпы залатыя.
4. Паспрыялі да вы полю,
Да і жыту ядраному.
5. Да і жыту ядраному,
Дай коласу налітому.
__________________________________
*Ой, люлі, люлі, люлі,
Ой, люлі, ой, люлі выконваецца пасля кожнага слупка
Гаспадыня: Дзякуй вам, добрую песню праспявалі. У гэтым годзе добры ўраджай сабралі, увесь год будзе хлеб на стале! А зараз давайце пагуляем у гульню “Грушка”!
Усе: Давайце, пагуляем!Гульня “Грушка”!
1. Мы пасадзім грушку усе, усе.
Няхай наша грушка расце, расце.
2. Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні.
Распусціся, грушка, вось такой шырыні.
3. Расці, расці, грушка, ты ў добры час.
Патанцуй, Марылька, паскачы для нас.
4. А ўжо наша грушка распусцілася,
А наша Марылька зажурылася.
5. А мы тую грушку ўсе шчыпаць будзем,
Ад нашай Марылькі уцякаць будзем.
Гаспадар: А вось паглядзім, якія вы ведаеце прымаўкі, прыказкі аб працы!
Дзяўчынка: Дрэнныя тыя рукі што не ведаюць ніякай навукі!
Хлопчык: Нічога само не робіцца!
Дзяўчынка: Дзе працуюць, там густа, а дзе не працуюць – пуста!
Дзяўчынка: Хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца!
Гаспадыня: Дзеці, а ці дапамагалі вы сваім матулям, бабулям на агародзе? Зараз я пакажу вам цудоўную торбачку. Вам трэба пашчупаць і вызначыць, што ў ёй знаходзіцца (бульбачка). А я ведаю цікавую гульню з бульбай. Трэба стаць па двое, узяць бульбу, пакласці яе паміж ілбамі і танцаваць.
Гульні “Не абрані бульбу”, “Мост”, “Каці бульбу”,
“Перанясі агародніну”
Гаспадыня: Малайцы, добра ў гульні гуляеце! А зараз пойдзем у скокі, каб базмяць нашыя бокі! Станавіцеся ўсе, будзем танцаваць!
Дзеці выконваюцьтанец“Мікіта” (прыгаюць праз жэрдачкі),
танцы ”Базар”, “Кракавяк”
Гаспадыня: Усё так добра атрымалася, як вам, дзеці, спадабалася? І шкада, а ўсё ж бывайце, пра Багача не забывайце!
Гаспадар: Дружна, дзеткі, жывіце, хутка расціце!
Дзяўчынка: Дай жа Божа, гэтай хаце ніколі дрэннага не знаці!
Дзяўчынка: Каб было вясной чым засяваці, а восенню ўраджай добры збіраці!Усе: А праз год новага “Багача” дачакаці! Бывайце здаровы! Да пабачэння!