Раздымаха Юлія Уладзіміраўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

другая кваліфікацыйная катэгорыя

Тэма ўрока: “Маці,  матуля дарагая мая. Ніл Гілевіч “Маці”

Мэта ўрока: данесці шчырасць і задушэўнасць лірычнага верша-споведзі на прыкладзе паэтычнага прызнання ў любові да маці ў вершы Ніла Гілевіча “Маці”

Задачы:

  • паглыбляць веды пра жанравыя асаблівасці лірычнай споведзі (глыбокі лірызм, задушэўнасць);
  •  данесці да вучняў шчырасць і ўсхваляванасць сына ад сустрэчы з самым дарагім чалавекам у вершы Н.Гілевіча “Маці”;
  • спрыяць развіццю маўлення праз стварэнне ўласных выказванняў;
  • спрыяць фарміраванню маральных якасцей вучняў праз семантызацыю духоўна-маральных паняццяў і катэгорый, з дапамогай выкарыстання метаду анталагізацыі;
  • выхоўваць любоў, павагу і ўдзячнасць да маці і сваіх родных.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу

Метады семантызацыі, выкарыстаныя на ўроку: метад анталагізацыі, метад асацыяцыі, метад работы з інфармацыяй, метад творчых заданняў.

Абсталяванне: рабочыя лісты; мультымедыйны праектар.

Эпіграф:

            І калі б была воля мая на тое – пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з Маці. Усё ад маці, усё з-пад матчынага сэрца… Маці адна, маці незаменная… Маці адна, як і Радзіма. 

                                                                                 Рыгор Барадулін                                                                                           

Ход урока:

  1. Арганізацыйны момант.  Псіхалагічны настрой вучняў на ўрок

          Добры дзень! Кожны ўрок літаратуры – гэта ўрок маральнасці і дабрыні. На кожным уроку мы стараемся шукаць шлях да сябе, шлях, каб стаць Чалавекам з вялікай літары. А з чаго, на вашу думку, пачынаецца чалавек? (Гучаць адказы і думкі вучняў) А чалавек пачынаецца з таго, што думае не толькі сам пра сябе, але і пра тых, хто вакол яго. Сёння на ўроку мы дакранёмся да творчасці таленавітага чалавека.

     2.  Праверка дамашняга задання

          Выразнае чытанне верша Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны” (некалькі вучняў).

         Вучні агучваюць складзеныя сінквейны з ключавым словам “Дзяўчаты мінулай вайны” (вучні абмяркоўваюць свае работы і выбіраюць самы прыгожы ці крэатыўны сінквейн, агучваюць яго). Настаўнік прапануе ацаніць і яго ўласны сінквейн.

Дзяўчаты мінулай вайны

Смелыя, прыгожыя

Плакалі, журыліся, абдымалі

Былі яны проста дзяўчатамі

Героі

     3.  Актуалізацыя дзейнасці вучняў

          1.  Метад “Інтэрв’ю”.

         — Хто для вас з’яўляецца самым блізкім чалавекам? (Маці)

         — Чаму вы лічыце маці самым блізкім і дарагім чалавекам? (адказы вучняў)

          2.  Метад сэнсавых асацыяцый (Заданні даюцца па радах)

           1 рад – прыдумаць назоўнікі да слова “маці”.

           2 рад – прыметнікі-эпітэты.

           3 рад – дзеясловы.

          3. Слова настаўніка.

         Перад намі паўстаў збіральны вобраз маці, які ўвасобіў усё лепшае. Мы можам бясконца працягваць спіс добрых слоў пра маці, але зразумела адно, што для кожнага чалавека маці – гэта самы дарагі чалавек на зямлі. Нездарма ў 1996 годзе дзень 14 кастрычніка  ў нашай краіне стаў Днём маці. Мацярынская любоў такая ж невычарпальная, як і сам вобраз маці.

          Вобраз маці апяваецца ў песнях, увасабляецца ва ўзорах народнага ткацтва, вышыўкі. Да матуль звяртаюцца  паэты і празаікі.

          — Успомніце творы пра маці, якія вы вывучылі раней . Назавіце іх аўтараў. (В.Быкаў “Незагойная рана”, В.Зуёнак “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…”).

          Вось і пісьменнік Н. Гілевіч Праз усё жыццё з глыбокім шанаваннем згадвае светлы вобраз сваёй маці Кацярыны Мікалаеўны, захапляецца яе працавітасцю і душэўнай шчодрасцю. “Любові да сваіх дзяцей было ў яе душы і сэрцы нямерана!…” – гаворыць Н. Гілевіч. Сваёй маці ён прысвяціў кнігу “Любоў прасветлая”.

       4. Паведамленне тэмы і мэты ўрока

Сваёй маці Кацярыне Мікалаеўне  Ніл Гілевіч прысвяціў верш “Маці” .

 — Як вы думаеце, чаму мы навучымся сёння? (Вучні працягваюць выразы, пачатак якіх дэманструцца на слайдзе):

— я буду ведаць…

— навучуся выражаць словамі свае…

— змагу

      5. Новы матэрыял.

1.  Выразнае чытанне верша Н.Гілевіча “Маці”  настаўнікам

2. Лексічная работа (тлумачэнне сэнсу незразумелых слоў)

Вусны – губы, рот.

Прыпек – верхняя частка апечча.

Дух – пах, водар.

Нядужны – слабы, не мае дужасці, моцы.

Прынука – звычай настойлівага запрашэння,упрошвання, ледзь не прымушэння.

Бабіны – ад расліны боб, адно вялікае зерне.

Спавіваць – захінаць спавіваннем.

Працінаць – пранізваць скрозь адтуліну чым-небудзь.

Фізкультхвілінка (пад музыку, заплюшчыўшы вочы, вучні рыхтуюць выкаванне “Сустрэча з маці”)

       6. Працяг працы над тэкстам

-Якім пачуццём прасякнуты верш? (Любові, пяшчоты, сардэчнасці).

-Як мяняецца настрой у вершы? ( Пачынаецца верш звычайнай апавядальнай інтанацыяй. Паэта перапаўняе любоў да самага роднага ў свеце чалавека. Ніл Гілевіч асэнсоўвае паўсядзённы клопат вясковай жанчыны і разумее, што ―трэба б упасці перад ёю – нядужай, сівой — на калені…

-У якой форме напісаны верш? (лірычнай споведзі)

— У чым прызнаецца сын маці?

-Як бы вы сфармулявалі тэму верша? (Споведзь сына пра маці як самага дарагога чалавека).

-Як выглядае маці?( Сівая, нядужая, рукі сухія, але вочы свецяцца шчасцем).

-Давйце знойдзем мастацкія сродкі, якія дапамагаюць перадаць пачуцці да маці.

Эпітэты: знаёмыя, родныя (вусны), сухія, прапахлыя зеллем(рукі), нядужая, сівая (маці), светлая дзіцячая (радасць) і інш.

Метафары: вочы свецяцца шчасцем, вочы ззялі, усміхаліся, забаўлялі; рукі нылі ўвечары; кропля радасці напаўняла. Яны дапамагаюць уявіць стан душы аўтара.

Параўнанні: вочы ззялі зоркамі,мазалі на руках, як бабіны; кропля радасці разлівалася морам; сорам насіла горам.

-Якую мастацкую ролю адыгрывае шматкроп’е ў канцы кожнай страфы? ( Пачуцці да маці невычарпальныя, можна бясконца іх пералічваць)

— Якая роля клічных сказаў?

Кожная  страфа перадае палітру адценняў, звязаных з вобразам маці.

  •  Па радах у парах вызначце што для аўтара ўвасабляюць:
  • 1  рад – вочы маці (увасабленне чысціні, радасці, дабрыні);
  • 2  рад – рукі маці (увасабленне працавітасці, клапатлівасці, пяшчоты);
  • 3 рад – сэрца маці (увасабленне дабра, спагадлівасці, справядлівасці, любові, самаахвярнасці, маральнай чысціні)

— Як вы разумееце наступныя радкі?

Як жа позна,

Як позна- любімыя дзеці –

Мы няўдзячнасць сваю

Разумець пачынаем

(Аўтар з горыччу заўважае, што няўдзячнасць сваю мы позна пачынаем разумець. А жыццё кожнага з нас было б значна прыгажэйшым, калі б мы былі больш чулымі ў адносінах да нашых матуль, бо маці – пачатак жыцця, апора ў душэўнай смуце.)

     Для паўнаты раскрыцця ідэі твора важным з’яўляецца вершаваны памер, якім напісаны верш. Ён вызначаецца па 2 радках.

Я ўзыходу на двор,

Я кажу ёй: “Са святам!” (Анапест)

     7. Выхаваўчы этап (“Хвілінка духоўнасці”)

      Паслухайце прыпавесць аб адным цудоўным  дрэве, якое шмат плакала за сваё жыццё (Прагляд відэа прыпавесці «Хлопчык і яблыня», абмеркаванне прыпавесці).

— Ці быў хлопчык сябрам яблыні?

— Ён забіраў ці яблыня сама аддавала? (Сама аддавала)

— А чаму яблыня без шкадавання аддавала ўсё, што трэба было хлопчыку? (Яблыня любіла хлопчыка).

— Яблыня –гэта нашы бацькі. Дзецьмі мы вельмі любім іх і гуляем з імі. Калі вырастаем, пакідаем іх адных. Вяртаемся да іх, калі маем патрэбу ў іх дапамозе і калі ў нас праблемы. Бацькі заўсёды гатовыя прыняць нас і аддаць усё, што можна, каб зрабіць нас шчаслівымі. Вы можаце падумаць, што хлопчык быў жорсткі з дрэвам, але хіба мы самі часам не гэтак жа ставімся да сваіх бацькоў? А як мы павінны да іх ставіцца і чаму?

Сёння мы з вамі пагаворым аб павазе да старэйшых, аб чуласці і спагадлівасці.

     А што ж такое павага? Давайце паразважаем. (Адказы вучняў)

— У жыцці даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі.  Трэба Паважаць людзей, незалежна ад іх веравызнання, недахопаў – значыць умець дараваць ім гэтыя недахопы. Кожны чалавек варты павагі толькі таму, што ён чалавек. Паважаць – значыць пачытаць каго-небудзь, прызнаваць іх вартасці.

— Якое значэнне слоў «паважаць” і “Павага” даецца ў тлумачальным слоўніку?

!Глядзі ў корань!
      Павага  –  пачуццё пачцівасці да каго-небудзь, чаго-небудь, выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг.

Паважаць – пачытаць, шанаваць, душэўна прызнаваць чые-небудзь вартасці, шанаваць высока.

!Стол даведак!

Сінонімы: шанаванне, пачцівасць, захапленне, пакланенне, абажанне, пачцівасць, пашана, чуласць

Антонімы: непавага, непачцівасць, грэбаванне

     !Залацінкі мудрасці! (Прыказкі патрэбна злучыць)

Маладым у нас дарога – старым у нас пашана.

Маладога навучаюць – старога не павучаюць.

Бацьку з маці пачытаць – гора не ведаць.

Старэйшым месца саступі – малодшым дапамогу акажы.

Будзеш пачытаць бацьку і маці – даведаешся пашану і ад свайго сына.

Ад Савета старых людзей галава не баліць.

!Вясёлы перапынак!

Скласці сінквейн

1 рад – слова “павага”;

2 рад – слова “Маці”

      8. Падагульненне

      Каб не было позна, пакуль вашы матулі маладыя, здаровыя і поўныя сіл, вам трэба пра многае задумацца і шмат чаго зразумець. Спадзяюся, сённяшні ўрок вам у гэтым дапаможа.

-Падумайце, за што больш за ўсё непакоіцца і перажывае ваша маці?

     На памяць аб сённяшнім уроку я падрыхтавала вам парады, якія дапамогуць вам задумацца аб вашых адносінах да маці.

Зачытванне “Парад для сапраўднага сына і найлепшай дачкі”.

   Маці дала табе жыццё, адкрыла перад табою свет. Яна клапоціцца аб тваім здароўі, хоча бачыць цябе шчаслівым, сумленным, добрым. Беражы маці, клапаціся пра яе здароўе, даражы яе надзеямі. Нічым не азмрочвай яе жыццё. Будзь такім, каб маці ганарылася табою. Перад тым, як штосьці зрабіць, запытайся ў сябе:  “А мая маці гэта ўхваліць ці не?”. І калі тваё сумленне адкажа, што матуля гэта ўхваліць, дзейнічай смела, тваё пачуцце цябе не падмане.

Зварот да эпіграфа (Вучань зачытвае эпіграф урока).

Так, усё пачынаецца з маці. Маці – пачатак нашага жыцця, яго працяг, яго сэнс, яго мэта. А гэта значыць – апора для чалавека, яго надзея і будучае яго. Таму мы павінны берагчы, шанаваць і любіць сваіх матуль.

     9. Падвядзенне вынікаў урока, выстаўленне адзнак

    10. Дамашяе заданне

Падрыхтаваць пісьмовае паведамленне на тэму “Самы дарагі мой чалавек…”.

    11. Рэфлексія (Размясціць свае эмоцыі і пачуцці)

  1. На востраў любові і пяшчоты
  2. На востраў віны і няўдзячнасці
  3. На востраў абыякавасці

Дадаткі