Садзілава Наталля Мікалаеўна,

настаўнік музыкі,

вышэйшай катэгорыі

ПАЗАКЛАСНАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА

АБРАД «ЖАНІЦЬБА КОМІНА»

(Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці)

Мэта: валоданне вучнямі ўменнямі здзейсняць рэканструкцыю (пастаноўку) беларускага народнага каляндарна-абрадавага свята “Жаніцьба коміна”.

Задачы:

1. садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі абраду “Жаніцьба коміна”, паказаць багацце традыцый Усходняга Палесся;

2. садзейнісаць развіццю творчых задаткаў, эстэтычнага густу, навыкам калектыўнага выканання беларускіх народных песень, папаўненню і актывізацыі беларускага слоўнікавага запасу;

3. сродкамі беларускага музычнага фальклору садзейнічаць выхаванню любові і павагі да сваёй спадчыны; выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.

Абсталяванне:

 Беларускія народныя касцюмы калінкавіцкага строя, імітацыя сялянскай хаты (стол, абрус, ручнікі, лавы), комін, штучныя кветкі.

Удзельнікі: вучні восьмага і дзевятага класаў.

Музычны матэрыял:

1. “Ой, не ходзі стары” бел. нар. песня

2. “Ой, да асыпаецца вішнёвы сад” бел. нар. песня

3. “У нашага суседа веліка семейка” бел. нар. песня

4. “Базар” беларускі гісторыка- бытавы танец

5. “Ва саду лі” беларускі гісторыка- бытавы танец

6. “Бабачка” беларускі гісторыка- бытавы танец

7. “Ночка” беларускі гісторыка- бытавы танец

8. “Мост” беларускі гісторыка- бытавы танец

Пасярод хаты стаіць лучнік. Гаспадыня і некалькі дзяўчат, робяць вянок з кветак і вешаюць яго на комін. Спяваюць песню “Ой, не хадзі стары”

1. Ой, не хадзі стары, ой, не хадзі стары

Да мяне маладое,  да мяне харошае.

2. Бо я цябе стары, бо я цябе стары,

З малых лет не любіла, з малых лет не любіла.

3. Бо я твою хату, бо я твою хату,

Буяном закідала, буяном закідала.

4. Ой, прыхадзі молады, ой, прыхадзі молады,

До мене молодое, до мене хорошое.

5. Бо я цебе молоды, бо я цебе молоды,

З малых год палюбіла, з малых год палюбіла.

Гаспадыня Маня: Дзякуй Богу, работа на полі скончана, надыйшоў час Коміна жаніць. (Звяртаецца да дачкі) Вось, дачушка, прыйшлі ж ночанькі доўгенькія. Вельмі важна, каб у хаце свяціў агонь, які заменіць нам само сонца. Вось зараз прыйдуць да нас суседзі, будзем разам ушаноўваць Комін, жаніць яго з працай,  бо з гэтага часу трэба будзе працаваць у хаце: прасці і ткаць, шыць ды вышываць.

Ідуць госці. Гучыць песня “Ой, да асыпаецца вішнёвы сад”

1. Ой, скланіла сонейка нізенька,

Сядай, сядай, дзеванька блізенька.

А хто ж табе косаньку рашчэша,

А хто ж табе сэрцанька пацеша.

Прыпеў:

Ой, да асыпаецца вішнёвы сад,

Пара табе, дзеванька на пасад (2 раза)

2. “Рашчэшуць мне косаньку дзеванькі,

А пацешыць сэрцанька міленькі.

А мяне матуленька прыбярэ,

Буду я, як сонейка на дварэ!”

Прыпеў (2 раза)

Гаспадыня Маня: Ой! А вось і госці да нас ідуць!

Дачка гаспадыні: Ой, і праўда, да нас суседзі ідуць!

У хату заходзяць хлопцы, дзяўчаты і музыкант з гармонікам. Дзяўчаты нясуць скрыню з гарбузнымі семкамі, рознакаляровыя кветкі, каласкі

Хлопец: Гаспадары, ці ёсць хто дома?

Гаспадыня: Ёсць. Заходзьце, госці, заходзьце даражэнькія.

Госці: Добры вечар усім!

Гаспадыня і ўсе прысутныя: Добры вечар! Мы вас ужо зачакаліся!

1-я дзяўчына: Слава Богу, усе ў зборы. (Звяртаецца да гаспадыні) Цётка Маня, мы прыйшлі к табе Коміна жаніць, сагласна?

Гаспадыня Маня: Сагласна! Мы ўжо ўсё падрыхтавалі! Жаніце, даражэнькія, калі ласка.

Дзяўчына: Давайце, дзяўчаты, упрыгожвайце Комін новымі беленькімі ручнікамі, прыбірайце яго зялёнымі ветачкамі, хмелем, а мы с табою, цётка Маня, благаславім яго. Бо без Бога не да парога. Давай, цётка Маня.

Дзяўчына: (разам з астатнімі дзяўчатамі падыходзіць да ўпрыгожанага зёлкамі лучніка)Прымацуем кветачкі на Комін, каб быў ён у нас прыгожы.

Дзяўчына: Свяці ж, Коміначку, ясненька, пабуджай чалядачку раненька!

Гаспадыня Маня: (падыходзіць да коміна, кідае зерне) Дай, Божа, усім нам здароўечка!

Дзяўчына: Абарані ад усялякіх хвароб і напасцяў нашых конікаў, волікаў, каровак і ўсякую скацінку.

Дзяўчына: Дай, Божа, штоб нашаму роду не было пераводу!

Дзяўчына: (кідае зерне, гарбузовыя семечкі на лучнік)Радзі, Божа, жыта, пшаніцу і ячмень, як мятліцу. Што б на гэты год Коміна жанілі, а на той год каб ураджай добры быў. На той год штоб пяклі мы пірагі, караваі.

Хлопец: Коміначку, ты нам спагадай, кручу і буры праганяй, дым і сажу нясі ворагам, свет і радасць пашлі нам.

Гаспадыня Маня: Трошкі яшчэ яго абжаню. Дзяўчаты, а ну, пазбірайце гарбузовых семак. Хто больш назбірае, той багацейшы будзе!

Дзяўчаты: (падбіраюць зерне і семкі) А дзе цукеркі?

Гаспадыня Маня: А цукеркі? Хай вам хлопцы даюць цукеркі! (працягвае кідаць гарбузовыя семкі на лучнік, а дзяўчаты збіраюць іх).

Гаспадыня Маня: Благаславілі Коміна, папрасілі Бога, бо без Бога не да парога. А зараз, дзяўчаты, заспяваем жаніху-коміну добрую песню.

Бяруцца за рукі, водзяць карагод

1. У нашага суседа веліка семейка,

Ой, лю-лі, люлі, веліка семейка (2разы)

Ідуць у іншы бок

2. Веліка семейка села вечараці,

Ой, лю-лі, люлі, села вечараці, (2разы)

3. Села вечараці, стала размаўляці.

Ой, люлі-люлі, стала размаўляці (2разы)

4. Шо на заўтра бацько ды ў полечко едзе.

Ой, люлі-люлі, ды ў полечко едзе (2разы)

5. У полечко едзе, жыто засеваці.

Ой, люлі-люлі, жыто засеваці (2разы)

Устаўляюць у лучнік каласкі, кветкі

6. А цяпер мы будзем Коміна жаніці.

Ой, люлі-люлі, Коміна жаніці (2разы)

Трымаюць рукі ўверсе

7. Коміна жаніці, дай Бога прасіці.

Ой, люлі-люлі, дай Бога прасіці (2разы)

Кланяюцца

8. Радзі, Божа, жыта на новае лета.

Ой, люлі-люлі, на новае лета (2разы)

9. Жыто да пшаніцу на всяку пашніцу.

Ой, люлі-люлі, на всяку пашніцу (2разы)

Гаспадыня: Вось вам, госці дарагія, пачастункі: місачка мёду, пірагі духмяныя, яблыкі.

1-я дзяўчына: Дзякуй, гаспадынька!Дай, Божа, каб у вашай хаце, заўсёды было, што даці!

2-я дзяўчына:  Здароўя і шчасця ўсім!

Гаспадыня: Дзякуй, дзякуй вялікі за пажаданне!

Хлопец: Ой, дзяўчаты, як прыгожа мы паспявалі. А зараз пойдзем у скокі, каб размяць нашы бокі! (выкончаюць танцы)

Усе разам: Танец “Ночка”!

Усе разам: Полька “Бабачка”!

Усе разам: Танец“Ва саду лі”!

Дзяўчына: Дзякуй вялікі! Добра мы ў вашай хаце пагулялі!

Усе: Дзякуй, дзякуй, добра пагулялі.

Дзяўчына: Ды ўжо пара да дому збірацца! Да пабачэння!

Гаспадыня: Дзякуй і вам, даражэнькія, добра ў нашай хаце пагулялі, Коміна разам жанілі. Заходзьце да нас яшчэ. Да пабачэння!