Свята “Гуканне вясны”

Дата: 16.03.2024

Тып: пазакласнае мерапрыемства

Мэта: валоданне вучнямі ўменнямі здзейсняць рэканструкцыю (пастаноўку) беларускага народнага свята “Гуканне вясны”.

Задачы:

1. садзейнічаць знаёмству вучняў з асаблівасцямі свята “Гуканне вясны”, паказаць багацце веснавых традыцый Усходняга Палесся.

2. садзейнісаць развіццю творчых задаткаў, эстэтычнага густу, навыкам калектыўнага выканання беларускіх народных песень, папаўненню і актывізацыі беларускага слоўнікавага запасу;

3. сродкамі беларускага музычнага фальклору садзейнічаць выхаванню любові і павагі да сваёй спадчыны; выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.

Абсталяванне: беларускія народныя касцюмы, музычныя інструменты: баян, бубен, трашчоткі, дудкі.

Музычны матэрыял:

1. “Гаспадынка-бабка, павярніся крутка” бел. нар. песня

2. “Сонейка, сонейка, выгляні ў аконейка” бел. нар. песня

3. “Ладачкі, ладушкі, прыляцелі птушкі” бел. нар. песня

4. “Жавароначкі, прыляціце” бел. нар. песня

5. “Лявоніха” бел. нар. танец

6. “Полька-бабачка” бел. нар. танец

На сцэну выходзяць дзяўчаты і хлопцы, спяваюць песню:

1. Гаспадынка-бабка, павярніся крутка.

Вясна, красна на ўвесь свет!

2. Масці кладку, да заві ў хатку.

Вясна, красна на ўвесь свет!

3. Кілбасы ў куточку вісяць на пруточку.

Вясна, красна на ўвесь свет!

4. Прыстаўляй драбіну, лезь па саланіну.

Вясна, красна на ўвесь свет!

Дзяўчына: Блаславіце, добры людзі вясну-красну загукаці!

Дзяўчына: Люту зімачку замыкаці!

Дзяўчына: Вясну-красную на вулачку!

Дзяўчына: Люту-зімачку ў каморачку! Гу-у-у!

Водзяць карагод. Спяваюць:

Сонейка, сонейка, выгляні ў аконейка,

Каб нам стала цёпленька, весела гуляючы,

Песенькі спяваючы,

Пад хаткаю седзячы, лусту хлеба дзержачы

Свяці, свяці, сонейка, каб нам было цёпленька.

Гой-гой-гой-гой!

Дождж, дождж перастань, паеду ў Растань,

Дождж, дождж секані, паеду на кані.

Гой-гой-гой-гой!

Дзяўчынка: Благаславі, Божа, вясну гукаці!

Хлопец: На ціхае лета, на буйнае жыта!

Дзяўчынка: На травачкі зялёныя, кветачкі чырвоныя!

Хлопец: На лён валакністы, на ячмень залацісты!

Хлопец: Ой, вясна, вясна, вясёлая,

 Нарасла трава зялёная!

Дзяўчынка: Прыйдзі, вясна на светлыя дзянёчкі,

На цёплыя травы, на белыя росы!

Хлопец: Да ўзвесялі ўсе горачкі, даліначкі!

Хлопец: Ідуць хлопчыкі страляючы,

А дзевачкі – спяваючы! Г-у-у!

З гурта выходзіць Дзяўчынка-Вясна ў суправаджэнні дзяўчат. Дзяўчаты пачынаюць упрыгожваць Вясну, надзяваць святочнае адзенне, галаўны ўбор, даюць у рукі кветкі.

1-я дзяўчынка: Едзе Вясна на залатым кані у зялёным саяне.

2-я дзяўчынка: Вязе Вясна ясныя дзянёчкі.

3-я дзяўчынка: Частыя дажджочкі!

4-я дзяўчынка: Шаўковыя травачкі, прыгожыя кветачкі.

1-ы хлопчык: Ай, вясна, ай красна, а што ты нам прынясла?

Ці па яечку? Ці па піражочку?

Вясна: Малым дзеткам па яечку,

Красным дзеўкам па вяночку,

Старым людзям па кіёчку.

2-і хлопчык: Ай, вясна, ай красна, а што ты нам прынясла?

Ці сала кусочак? Ці масла брусочак?

Вясна: Я прынесла на зямліцу – травіцу,

На травіцу – расіцу,

На дрэўца – лісточак,

На дзяўчат – вяночак.

Вясна: А ведаеце, што вясну птушка на крылах прыносіць.

Усе: Якая птушка?

Вясна:  А вось адгадайце! Хто ў чырвоных ботах ходзіць па балотах?

Дзеці (разам): Гэта бусел!

Дзеці (разам): Бусел на гары – вясна на двары!

 “Ладачкі, ладушкі”

Ладачкі, ладушкі, прыляцелі птушкі,

Селі на варотах у чырвоных ботах.

Боты паскідалі, кругом паляталі,

Сталі сакатаці, каб ім есці даці.

Прынясу ім жыта, будуць птушкі сыты,

Пасыплю гароху, хай ядуць патроху.

Дзяўчынка: Жаўручок прылятае на праталінку.

Хлопчык: Шпак – на прагалінку.

Дзяўчынка: Жораў – з цяплом.

Хлопчык: А ластаўка – з лістом.

Дзеці бяруць вялікую хустку, у якой знаходзіцца печаныя булачкі. Падкідваюць іх угору,

спяваюць песню:

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце.

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела. У-у-у.

Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матушку абудзіце,

І дожджыкам напаіце.

Каб травачкі парасцілі,

Каб волікаў накармілі. У-у-у.

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце.

Бо зімачка надаела,

нам хлебушак пераела. У-у-у.

Дзеці выконваюць беларускія народныя танцы “Лявоніха”, “Полька-бабачка”